Мова і духоўнае жыццё грамадства

Што з’явілася раней — мова ці культура? На гэтае пытанне адказаць цяжка, бо мова не толькі сродак, з дапамогай якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Яна адначасова падмурак значнай часткі культурнага развіцця чалавека і губка, якая ўбірае ў сябе яго духоўныя каштоўнасці. Беларуская мова адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Яна ўвасоблена ў песнях, поўных чароўнага хараства, у афарбаваных міфічнасцю легендах, паданнях і дасціпных, мудрых прыказках, у адмысловых загадках і магічна-таямнічых замовах, у трапных выслоўях і дасканалых па форме і мастацкіх якасцях казках, у творах літаратуры і г.д. Аб захаванні гэтай спадчыны, замацаванні ў слове ўсяго таго, што прынята называць культурай, мы вядзем размову з дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі доктарам філалагічных навук Аляксандрам ЛУКАШАНЦАМ.

— Калі гаварыць пра культурную прастору беларусаў, то ўмоўна можна ўявіць яе разгортванне ў двух напрамках — па гарызанталі і вертыкалі. У першым выпадку ўлічваюцца ўсе тыя духоўныя здабыткі, якія зараз даступныя нашаму грамадству, — і ўласна беларускія (нацыянальныя), і су¬светныя (іншанацыянальныя). У другім — каштоўнасці, створаныя менавіта нашым народам на працягу яго гістарычнага развіцця. Такім чынам, беларуская культура ўяўляе сабой шырокую сукупнасць духоўных каштоўнасцей і з’яўляецца неад’емнай часткай сусветнай. Яна развіваецца ў адпаведнасці з тымі напрамкамі і тэндэнцыямі, якія ўласцівы наогул развіццю міжнароднай культуры і сучаснага грамадства, але ёсць і пэўныя асаблівасці, звязаныя ў першую чаргу з характарам моўнай сітуацыі ў нашай краіне. У прынцыпе любая мова, якая абслугоўвае камунікатыўныя патрэбы грамадства, з’яўляецца важнейшай састаўной часткай нацыянальнай культуры і тым сродкам, з дапамогай якога ствараюцца духоўныя каштоўнасці. Беларуска-рускае двухмоўе акрэслівае спецыфіку моўнай прэзентацыі культурнай прасторы беларусаў. Калі лічыць, што апошняя складаецца з дзвюх частак — уласна беларускай (нацыянальна маркіраванай) і сусветнай (інтэрнацыя¬нальнай), — то першая прэзентуецца ў асноўным беларускай мовай, а другая — рускай.
— На ваш погляд, гэта добра ці не?
— Сёння руская мова з’яўляецца фактычна другой нацыянальнай мовай беларусаў. У гэтым сэнсе яна грае выключна важную ролю ў прадстаўленні нашай культуры, у першую чаргу яе інтэрнацыянальнай часткі. Веданне яшчэ адной мовы значна пашырае культурныя магчымасці грамадства. Для двухмоўнага грамадзяніна нашай краіны абсалютна даступныя і культурныя здабыткі, якія захоўваюцца на беларускай мове, і тыя, што створаны на рускай. Пры гэтым істотна пашыраюцца культурнае поле і культурная кампетэнцыя людзей. Таму двухмоўе трэба лічыць станоўчай з’явай. Акрамя таго, побач з багатай беларускамоўнай у апошні час утварыўся значны пласт беларускай рускамоўнай культуры. Возьмем, напрыклад, літаратуру. Многія айчынныя пісьменнікі сёння пішуць на рускай мове, і гэтыя творы па сваім змесце з’яўляюцца глыбока нацыянальнымі, беларускімі. Таму зараз адно з актуальных пытанняў — вызначыць, што гэта набытак менавіта беларускай нацыянальнай культуры, увасобленай на іншай мове, а не асобная частка рускай.
— Ці не замкнутая беларуская мова на вузкай нацыянальнай прасторы?
— Гэта не так. Нельга гаварыць, што беларуская мова не звязана з адлюстраваннем, назапашваннем і прэзентацыяй інтэрнацыянальнай (іншанацыянальнай) часткі культуры. На ёй створаны многія энцыклапедычныя даведнікі, навуковыя работы, пераклады мастацкай літаратуры, ёсць шматлікія кніжныя выданні культуралагічнага плану, якія даюць шырокае ўяўленне пра сусветную культуру. Разам з тым яе роля бачыцца перш за ўсё ў адлюстраванні менавіта нашай роднай культуры. На сённяшнім этапе дзяржаўнага будаўніцтва толькі з выразным нацыянальным тварам Беларусь можа разлічваць на дастойнае месца ў сусветным супольніцтве. У гэтым сэнсе павышаецца і роля нацыянальна арыентаванай часткі культуры, мовы тытульнай нацыі.
— У чым асаблівасці беларускай культуры?
— Яны і ў матэрыяльных, і ў духоўных каштоўнасцях. Свая спецыфіка ёсць і ў светаўспрыманні беларусаў, і ў адлюстраванні імі рэчаіснасці. У гісторыі нашага народа быў перыяд, калі на працягу 200 гадоў беларуская мова не выкарыстоўвалася як пісьмовая, але гэта дало моцны штуршок развіццю вусных літаратурных жанраў. Адназначна прызнана, што беларускі фальклор — адметная з’ява ў славянскім свеце. Даследчыкі адзначаюць: беларускія народныя казкі — унікальныя па разнастайнасці тэматыкі і жанраў. На жаль, не ўсе пра гэта ведаюць, і сёння мы сутыкаемся з праблемай, як давесці гэтыя культурныя набыткі да шырокага грамадства.
Лічу, што духоўная спадчына беларускага народа ў значнай ступені звязана менавіта з нацыянальнай мовай. З папярэдніх эпох захавалася велізарная колькасць пісьмовых помнікаў самых розных жанраў. Напрыклад, толькі звод дакументаў канцылярыі Вялікага князя Літоўскага, напісаных на старабеларускай мове, складае больш за 550 тамоў. Адначасова вельмі інтэнсіўна развіваліся і іншыя жанры беларускага пісьменства (напрыклад, мастацкая, перакладная і рэлігійная літаратуры). Пазнаёміцца з усім гэтым можна, толькі добра ведаючы беларускую мову. Дарэчы, у нашым інстытуце набліжаецца да завяршэння стварэнне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», у якім адлюстравана лексіка старабеларускага пісьменства. Мяркуецца, што ён выйдзе ў 40 выпусках (на сённяшні дзень апублікаваны ўжо 26). Гэты слоўнік паказвае, наколькі багатай была старабеларуская мова, якім разнастайным было эканамічнае, палітычнае і культурнае жыццё нашага народа, наколькі моцнымі былі сувязі з іншымі народамі. Роля беларускай мовы ў развіцці, падтрыманні і прэзентацыі нацыянальнай культуры выключна важная. І яна, яшчэ раз падкрэслю, узрастае на сённяшнім этапе дзяржаўнага будаўніцтва.
— Багатая спадчына ў нашай краіны ёсць, а ці існуе штосьці такое ж адметнае ў культуры сучаснасці?
— Таленавітыя дзеячы культуры ў Беларусі былі не толькі ў мінулыя часы, але ёсць і цяпер. Напрыклад, айчынная паэзія другой паловы XX ст. характарызуецца вельмі высокім узроўнем і атрымала шырокае прызнанне як у нашай краіне, так і за яе межамі. І зараз з’яўляецца шмат маладых цікавых паэтаў і пісьменнікаў, якія, безумоўна, зоймуць годнае месца ў беларускай літаратуры. Ёсць яшчэ адзін нюанс, які нельга не заўважыць: хутка пашыраецца яе жанравая разнастайнасць. Пачынаюць інтэнсіўна развівацца такія віды мастацкай творчасці, як фэнтэзі, навуковая фантастыка, прыгодніцкая і дэтэктыўная літаратура. Пэўны час яны знаходзіліся, так бы мовіць, убаку ад асноўнага літаратурнага працэсу, але ў культурнай прасторы сучаснага маладога пакалення пачынаюць займаць усё большае месца.
— Вы, як спецыяліст, даяце гарантыю, што ў будучыні ў беларускіх падручніках па культуры будзе аб чым напісаць пра сённяшні час?
— Канешне, будзе. Але майце на ўвазе, што ён дастаткова складаны і супярэчлівы, і гэта, у сваю чаргу, знаходзіць неадназначнае адлюстраванне ў літаратурнай творчасці. Неабходна, каб прайшоў пэўны час для яго аб’ектыўнай ацэнкі.
— А ўвогуле, ці можна зараз казаць пра унікальную беларускую культуру, калі ў свеце ідуць такія моцныя працэсы глабалізацыі? Фільмы мы глядзім галівудскія, лялькі дзецям купляем кітайскія і гэтак далей...
— Сапраўды, у час хуткага пашырэння міжнародных кантактаў паміж носьбітамі розных культур нюансы нацыянальнай спецыфікі ў значнай ступені нівеліруюцца, і гэта выклікае занепакоенасць у сучасным грамадстве. Таму ўзмацненне міжнародной інтэграцыі суправаджаецца тым, што з большай вастрынёй ставіцца пытанне аб захаванні нацыянальных культур і моў. Нездарма ўжо каторы год пад эгідай ЮНЭСКА ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Яго мэта — звярнуць увагу на неабходнасць захавання культурных адметнасцяў народаў. Разам з тым не трэба заплюшчваць вочы і на тое, што на фоне знікнення нацыянальных культур існуе і адваротны працэс — напрыклад, нават у Еўропе павялічваецца колькасць моў. Два дзесяцігоддзі таму сербска-харвацкая мова абслугоўвала камунікатыўныя і культурныя патрэбы некалькіх паўднёваславянскіх народаў. А зараз мы гаворым пра асобныя сербскую, харвацкую, баснійскую мовы. Магчыма, у хуткім часе з сербскай вылучыцца яшчэ і чарнагорская. Гэта сведчыць пра тое, што ў сучасным свеце ёсць моцнае імкненне да захавання і паглыблення сваёй нацыя¬нальнай адметнасці.
— Ці адчуваеце вы, што беларуская мова зараз атрымлівае другое дыханне?
— Я казаў бы пра гэта з пэўнай асцярожнасцю. Двухмоўе — наша сённяшняя рэчаіснасць, і відавочна, што яна ў бліжэй¬шы час захаваецца. Больш за тое, такая сітуацыя ў свеце ўжо не выключэнне, а норма. Але мінулыя дзесяцігоддзі незалежнасці Беларусі і яе дзяржаўнага будаўніцтва паказваюць, што вельмі моцна ўзрасла нацыянальная свядомасць грамадзян, асабліва малодшага пакалення. Зараз адназначна адчуваецца паважлівае стаўленне і да беларускай мовы, і да айчыннай культуры ўвогуле. Улічваючы гэта, я ў будучыню роднай мовы гляджу з аптымізмам. Упэўнены, яна не толькі захавае свае пазіцыі, але і пашырыць прысутнасць у культурнай, камунікатыўнай, інфармацыйнай прасторы грамадства.
— Якія напрамкі даследаванняў развіваюцца ў вашым інстытуце?
— Многія з іх застаюцца традыцыйнымі з другой паловы мінулага стагоддзя. Гэта даследаванне сістэмы беларускай мовы і літаратуры на працягу іх гістарычнага развіцця. У нашай арганізацыі склаліся цэлыя навуковыя школы, звязаныя з вывучэннем сучаснай беларускай мовы і тэндэнцый яе развіцця, з гісторыяй, з даследаваннем народных гаворак. Дарэчы, за комплекс работ нашы дыялектолагі ўдастоены ў свой час дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь. Гэта унікальны выпадак у славянскім свеце, калі работы па дыялекталогіі атрымалі такое прызнанне. Яшчэ адзін важны напрамак працы інстытута — лексікалогія і лексікаграфія. Перакладныя, тлумачальныя і іншыя слоўнікі, распрацаваныя нашымі спецыялістамі, сёння паспяхова забяспечваюць патрэбы моўнай практыкі і карыстаюцца вялікім попытам. Таксама мы даследуем беларускую мову ў дачыненні да іншых славянскіх моў, на завяршальным этапе знаходзіцца праца над унікальным этымалагічным слоўнікам. Склаліся важныя навуковыя напрамкі і ў літаратуразнаўчай сферы. Тут вялікая ўвага надаецца даследаванням асаблівасцяў і развіцця беларускай літаратуры ў XX ст., яе ролі ў духоўным жыцці народа. Вывучаем літаратурна-пісьмовую спадчыну, узаемадзеянне і ўзаемаўплыў розных літаратур. Вялікая праца вядзецца па выданні твораў айчынных класікаў.
— Вы cказалі пра дыялекты. Наколькі беларуская мова неаднародная па рэгіёнах?
— Калі гаварыць пра сістэму нацыянальнай беларускай мовы, то яна ўключае ў свой склад некалькі падсістэм рознай ступені ўнармаванасці і распаўсюджанасці. Літаратурная мова — вышэйшая форма нацыянальнай і характарызуецца строгай сістэмай норм. Яна вывучаецца ў школе, з’яўляецца агульнай для ўсіх носьбітаў. Народныя гаворкі ўяўляюць сабой пэўныя тэрытарыяльна абмежаваныя падсістэмы, якія адрозніваюцца адна ад адной і ад літаратурнай мовы цэлым комплексам з’яў і функцыяніруюць толькі ў вуснай форме. Сёння іх роля як сродку зносінаў імкліва зніжаецца. Яны фактычна разбураюцца пад уплывам рэаліяў сучаснага жыцця, сродкаў масавай інфармацыі і г.д.
— Але вёскі з асаблівай мовай на тэрыторыі Беларусі яшчэ застаюцца?
— Не толькі вёскі, але і цэлыя рэгіёны. Напрыклад, вельмі спецыфічным з’яўляецца масіў палескіх гаворак. Па-першае, яны найбольш старажытныя і, па-другое, істотна адрозніваюцца ад сістэмы літаратурнай мовы.
— А «трасянку» можна лічыць гаворкай?
— Гэта змяшаны тып вуснага маўлення, які заўсёды прысутнічае пры ўзаемадзеянні розных моўных сістэм і падсістэм. Нават калі чалавек гаворыць на беларускай літаратурнай мове з выкарыстаннем элементаў сваёй мясцовай гаворкі, то гэта таксама своеасаблівая «трасянка». Чым яе прызнаць — асобная навуковая праблема, і ёсць розныя падыходы да яе вырашэння.
— Каб асаблівасці беларускай культуры захоўваліся праз пакаленні, вялікая праца ў гэтым напрамку павінна весціся ў сістэме адукацыі. Што зараз адбываецца ў навучальных установах?
— Робіцца шмат чаго. Трэба адназначна прызнаць, што, напрыклад, школа з’яўляецца сёння адным з галоўных фактараў падтрымання беларускай мовы і традыцыйнай культуры ў грамадстве. Большая частка моладзі атрымлівае веды аб іх менавіта тут. У цэлым жа, каб родныя культура і мова не толькі захоўваліся, але і актыўна развіваліся, неабходна ўсведамленне важнасці захавання нацыянальнай адметнасці, прывіццё пачуцця гонару за сваю гісторыю і культурную спадчыну. У нас ёсць чым ганарыцца, што захоўваць, вывучаць і памнажаць.